БРА́СЛАЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы ў г. Браслаў (Віцебская вобл.) каля стараж. замчышча. Чатырохчасткавы ў плане будынак 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з цыбулепадобнай гранёнай галоўкай на шатровым завяршэнні, невысокая трапезная, вялікі асн. аб’ём з пяцікупаллем на 4-схільным даху і 5-гранная апсіда. Фасады з кілепадобнымі аконнымі праёмамі і парталам, вуглавым рустам, ордэрнай сістэмай. У інтэр’еры трох’ярусны іканастас. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай.
т. 3, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)